РЭ́ЙМСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры французскай готыкі ў г. Рэймс. Пабудаваны ў 1211—1311 (арх. Жан д’Арбе, Жан дэ Лу, Гашэ Рэймскі, Бернар Суасонскі, Рабер дэ Кусі і інш.), дабудаваны ў 14—15 ст. Трохнефавая базіліка з трансептам, развітай усх. ч. і 2 вежамі на зах. фасадзе. Парталы, вежы, сцены сабора ўпрыгожаны скульптурамі (больш за 5 тыс.) і рэльефамі 13 ст. Тры гатычныя парталы зах. фасада са скульпт. кампазіцыямі «Дабравешчанне», «Страшны суд», «Укрыжаванне» і інш., статуямі святых і анёлаў (анёла, які ўсміхаецца, наз. «Усмешкай Рэймса»). Багата дэкарыраваны паўн. і паўд. фасады. У інтэр’еры хор з вянком капэл (1211—31), раманская і гат. пластыка, вітражы 13 ст., арганы 17 і 18 ст., калекцыя рэліквій. Сабор пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, адноўлены. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Рэймскі сабор.

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)